помнік палацава-паркавай архітэктуры барока ў в. Скокі Брэсцкага р-на. Створана ў 18 ст. ў маёнтку М.Нямцэвіча — бацькі пісьменніка Ю.Нямцэвіча Комплекс уключае палац (1770-я г.) і парк. Палац і 2 бакавыя сіметрычна пастаўленыя флігелі (афіцына і стайня, не захаваліся) утваралі парадны двор, замкнёны паўкруглай агароджай з брамай. Перад палацам на адной восі з ім стаяла драўляная родавая капліца-пахавальня. 2-павярховы прамавугольны ў плане мураваны палац, накрыты ламаным вальмавым дахам, фланкіраваны вуглавымі алькежамі, якія завяршаліся ў мінулым барочнымі фігурнымі купаламі.
Цэнтр ч. вылучана падвойнымі пілястрамі і вынаснымі балконамі на слупах. Парк мяшанага рэгулярна-пейзажнага тыпу, высаджаны на раўнінным рэльефе. У паўн.ч. знаходзяцца партэр, 2 невял. лужкі, уязная алея, у паўд. — густая грабавая алея, абапал якой лужкі, якія чаргаваннем, памерамі і формай нагадваюць баскеты рэгулярнага тыпу. Па перыметры ідзе кальцавая алея. У парку растуць экзоты: хвоя веймутава, лістоўніца еўрап., конскі каштан звычайны, акацыя белая, біручына, лох вузкалісты і інш.
В.Р.Анціпаў, А.М.Кулагін.
Скокаўская сядзіба. Агульны выгляд (з малюнка Н.Орды) і план палаца.